Пісьменнік шчодрага і шматграннага таленту, разнастайных творчых магчымасцяў, Янка Сіпакоў вядомы ў беларускай літаратуры як паэт і празаік, перакладчык і нарысіст. Нарадзіўся ён на Аршаншчыне, у вёсцы Зубрэвічы. У час Вялікай Айчыннай вайны страціў бацькоў і рана далучыўся да працы. Працаваў паштальёнам, літсупрацоўнікам шклоўскай раённай газеты. Пасля вучобы ў БДУ працаваў у “Вожыку”, амаль дваццаць год – у часопісе “Маладосць”. З 1993 г. загадваў рэдакцыяй літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя”. З 1997 г. працаваў у часопісе “Беларусь”.
Творчую дзейнасць Я. Сіпакоў пачаў як паэт. Свой першы верш надрукаваў у 1953 г. у аршанскай раённай газеце, а ў 1960 г. выйшаў яго першы паэтычны зборнік “Сонечны дождж”. У ім шмат святла і сонца, шчырасці і дабрыні, юнацкай усхваляванасці і болю аб незабыўным, перажытым. Потым былі зборнікі: “Лірычны вырай”, “Дзень”, “З вясны ў лета”. Лепшае з іх склала кнігу выбранай паэзіі “Вочы ў вочы”, у якой паэт “вочы ў вочы” гаворыць з Радзімай і часам, з мінулым і сённяшнім днём, з роднай зямлёй і прыродай, з каханай і сябрамі. Лірыка Я. Сіпакова вызначаецца незвычайнай душэўнасцю, яна глыбока засяроджана на ўнутраным духоўным свеце чалавека. Адну з самых лірычных форм паэзіі – санет – паэт выкарыстаў для стварэння цыкла “Жанчына”. Тэмы адказнасці чалавека за будучае планеты, чысціні і прыгажосці чалавечых узаемаадносін знайшлі адлюстраванне ў гэтым вянку санетаў.
З’явай у беларускай паэзіі стала кніга Я. Сіпакова “Веча славянскіх балад”, адзначаная ў 1976 г. Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Я. Купалы. Яе складаюць больш за пяцьдзесят балад, у якіх на гістарычных фактах і фальклорных крыніцах паэт узнаўляе радасныя і трагічныя моманты з гісторыі славянскіх народаў.
Эпічны свет, які магутна і шматгалоса ўварваўся ў лірыку паэта, прывёў яго да прозы, прычым прозы таксама лірычнай. Як празаік Я. Сіпакоў пачаў з нарысаў “Акно, расчыненае ў зіму”, “Па зялёную маланку”, “Там, дзе Сібір”, “Даверлівая зямля”. У 1971 г. яны склалі асобную кнігу “Па зялёную маланку”. Пасля былі кнігі прозы “Крыло цішыні”, “Жанчына сярод мужчын”, “Спадзяванне на радасць”, “Журба ў стылі рэтра” і інш. Ад вясковай прозы, прасякнутай памяццю ваеннага і пасляваеннага часу, пісьменнік ідзе да важных праблем этычнага, праблем духоўнага жыцця як на вайне, так і ў мірны час, набалелых пытанняў беларускага нацыянальнага быцця, Чарнобыля, лёсу беларускай мовы. Скіраванасцю да жахлівых трагедый веку – землятрусу ў Арменіі і чарнобыльскай катастрофы – вызначаецца кніга паэм у прозе “Ахвярны двор”.
Цікавай падзеяй у літаратурным жыцці ХХ ст. стала кніга прытчаў Я. Сіпакова “Тыя, што ідуць”, першая такога плана ў нашай літаратуры. Тры дзесяткі прытчаў, аб’яднаныя ў ёй, – творы неабмежаваныя ў прасторы і часе. У іх ужываюцца, пераплятаюцца і ўзаемадзейнічаюць рэальнае і нерэальнае, жыццёвае і прывіднае. Аўтар разважае аб жыцці і смерці, аб тым, што гора і радасць заўсёды побач, што там, дзе плачуць, там, зразумела, не смяюцца, а дзе смяюцца, там можна часам і паплакаць. Праз новыя арыгінальныя формы імкнецца пісьменнік выказаць набалелае. Прытчы Сіпакова вызначаюцца не дыдактызмам і празмернай павучальнасцю, што звычайна ўласціва гэтаму жанру, а глыбокай філасофскай насычанасцю. Яны сімвалічныя па сваёй сутнасці.
Янка Сіпакоў – таксама аўтар фантастычна-прыгодніцкай аповесці “Блуканне па іншасвеце”, цыклаў мініяцюр, гістарычных апавяданняў, зборнікаў гумарэсак “Лысы юбілей”, “Плюс на мінус” і “Ланцугі для мух”, “Пятніца ў суботу”. Ён пераклаў на беларускую мову асобныя творы А.С. Пушкіна, А. Блока, Т. Шаўчэнкі, В. Хлебнікава, Э. Межэлайціса. Яго пераклады Уолта Уітмена і Хо Шы Міна спецыялісты адносяць да найбольш адпаведных духу і літары арыгінала, глыбокіх і паэтычных. У 1997 г. пісьменнік атрымаў званне заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь.
Бібліятэка каледжа